ЛЫ́СКАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР МІСІЯНЕ́РАЎ помнік архітэктуры позняга барока ў в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Першы драўляны касцёл засн. ў 1527 па фундацыі Мацея Клочкі, у 1751 Ян Быхавец перадаў яго місіянерам. У 1763—85 узведзены мураваны касцёл, у 1818 перабудавана вежа. У 1866 пераабсталяваны пад правасл. царкву. У 1881 ён абгарэў, у 1883—84 пад наглядам арх. П.Залатарова праводзіліся работы па яго аднаўленні. Касцёл — мураваны 1-нефавы, 1-вежавы крыжападобны ў плане будынак з 2 сакрысціямі абапал апсіды. Яго дамінанта — шмат’ярусная вежа. Развіты гарыз. пояс падзяляе аб’ёмы (акрамя апсіды) на 2 часткі, больш нізкая трактавана як цокаль. Аконныя праёмы лучковыя. Інтэр’ер касцёла аформлены пілястрамі і калонамі іанічнага і кампазітнага ордэраў, размаляваны пад мармур. У 2-й пал. 18 ст. перад касцёлам (па адзінай восі) узведзены 2-павярховы сіметрычны ў плане П-падобны мураваны будынак кляштара. Гал. фасад яго вылучаны рызалітам. Сцены рытмічна расчлянёны пілястрамі.

Т.В.Габрусь.

Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. Вежа касцёла.

т. 9, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)